2746 / 0
13.01.2014

Рыхтуецца музычная складанка пра Менск

Беларускі сеціўны лэйбал HAZE netlabel распачынае новы праект — Sound Interpretation.

«Sound Interpretation» мае складацца з сэрыі музычных кампіляцыяў. Кожная зь іх прысьвячаецца пэўнаму гораду сьвету. Будзе Бэрлін зь Нью-Ёркам ды іншыя мэгаполісы, але першая частка пра Менск. «Музыкант стварае кампазыцыю, якая адлюстроўвае яго ўспаміны ці ўяўленьні пра горад. У дадзеным выпадку — беларускую сталіцу, зь якой мы вырашылі пачаць праект», — кажа ў камэнтары для Tuzin.fm адзін з завадатараў Sound Interpretation Дзьмітры Ладзес і заклікае музыкаў дасылаць свае творы на кампіляцыю. Цікавяць найперш такія стылі, як авангард, пост-рок, эмбіент, індастрыэл, нойз, гліч, мінімалізм, вольная імправізацыя, нэаклясыцызм, псыхадэліка, электраакустыка, тэхна.

Болей інфармацыі можна даведацца на сайце праекту. Тамсама знаходзяцца два запісы Менску (праспэкту ды падземнага пераходу), якія кожны музыкант можа скарыстаць падчас стварэньня кампазыцыі ці проста паслухаць, каб скласьці ўяўленьне пра рытмічны малюнак гораду.

Запісы прымаюцца да 9 сакавіка.

Tuzin.fm