Rostany ўдзельнічаюць у польскім TV-шоў з фантастычным фольк-электра-гаўс трэкам (відэа)
5238 / 0
25.03.2015

Rostany ўдзельнічаюць у польскім TV-шоў з фантастычным фольк-электра-гаўс трэкам (відэа)

Гурт Віктара Рудэнкі трапіў у перадачу «Must Be the Music» і бярэ ўдзел у глядацкім галасаваньні.

Песьня «Daisy Chain» напісаная ў стылістыцы электра-гаўсу. У прыпеве музыкі скарысталі этнічныя матывы — аўтэнтычны сьпеў «Камарыкі», які быў засэмплаваны. Пяецца там так: «На галовачку вянок//Ой насі міла//Насі міла не скідай». «Народная музыка жыве ў нас, яна ў нашай крыві, яна і ёсьць наш дух, яна і ёсьць мы. Таму вы вырашылі скарыстаць гэты бабульчын сьпеў, які мае натуральны драйв. А свой тэкст я стварыў на антаганізьме сучаснага чалавека: яго прыроднага і тэхнагеннага „я“. Вядзецца пра тое, што мы па-сутнасьці — зьвяры, што жывуць у крыштальных клетках, дамох з шкла і бэтону, але ў глыбіні мы марым пра свабоду, натуральнасьць і сапраўднасьць жыцьця», — распавядае пра ідэю твору Віктар Рудэнка. Першапачаткова трэк быў запісаны для праекту «Наперад у мінулае» Беларускай тэлевізіі, а потым атрымаў самастойнае жыцьцё і займеў папулярнасьць у сацыяльных сетках. Менавіта яго гурт Rostany вырашыў выканаць у межах польскага тэлешоў Must Be the Music.

Цяпер на афіцыйнай старонцы конкурсу ў Facebook ідзе глядацкае галасаваньне, у якім можна падтрымаць беларускі гурт. Ад выніку залежыць, ці пройдзе каманда ў наступны тур тэлешоў. Кожны можа галасаваць да 10 разоў. Галасаваньне спыніцца ў 12:00 у чацьвер, 26 сакавіка.

Tuzin.fm