Вольга Акуліч прадставіла фінальную частку свайго праекту #Volha (аўдыё)
2190 / 0
18.08.2015

Вольга Акуліч прадставіла фінальную частку свайго праекту #Volha (аўдыё)

Чацьверты самотнік мае назву «Працягні мне сваю далонь» і запісаны разам з гітарыстам Алегам Змушкам.

У новы рэліз Вольгі Акуліч увайшлі дзьве песьні — «Ты едзеш дамоў» і «Працягні мне сваю далонь». Гэта чацьвертая і фінальная частка праекту #Volha. «Яго ідэя — вельмі простая. Я прапанавала чатыром сябрам-гітарыстам запісаць па дзьве песьні ў акустычным варыянце. Па меры гатоўнасьці частак праекту яны выходзілі ў публічную прастору ў выглядзе EP, былі прэзэнтаваныя ў сеціве і на канцэртах. А па выніку выйдзе альбом з усімі песьнямі», — паведаміла Tuzin.fm Вольга Акуліч.

Новы сынгл запісаны з гітарыстам Алегам Змушкам, вядомым па шматгадовай супрацы з бардам Алесем Камоцкім. У запісе папярэдніх сынглаў узялі ўдзел Андрэй Вайцэхоўскі, Юры Несьцярэнка, Дзяніс Балахонаў.

У найбліжэйшы тыдзень сьпявачка прадставіць свой праект #Volha ў Славаччыне — яе канцэрт пройдзе ў межах міжнароднага пленэру тэкстыльнай скульптуры. Найбліжэйшы выступ Вольгі ў Менску заплянаваны на 10 верасьня ў бары «Bristle». Канцэртная прэзэнтацыя альбому, які атрымаў назву «Далоні», плянуецца ў канцы верасьня.

Tuzin.fm