«Ілюжан» вінаваціць Jack Club у зрыве канцэрту (заява гурта і тлумачэньне клюбу)
2390 / 1
01.04.2015

«Ілюжан» вінаваціць Jack Club у зрыве канцэрту (заява гурта і тлумачэньне клюбу)

Гурт «Ілюжан» выказаў сваю пазыцыю адносна адмененага сольнага канцэрту, які мусіў адбыцца 31 сакавіка.

Канцэрт каманды спачатку быў заяўлены ў адным месцы, потым перанесены ў іншае, а ўрэшце рэшт адменены. У сувязі з гэтым музыкі зьвярнуліся да сваіх прыхільнікаў. «Такіх неахайных адносінаў з боку арганізатараў і дырэкцыі клюбаў („Джэк Клаб“ і „Кватэра №3“) мы яшчэ ні разу не перажывалі за чатыры гады сваёй канцэртнай дзейнасьці! Наш гурт выказвае свой смутак з прычыны адмены нашай з вамі сустрэчы па незалежных ад нас абставінах. Напярэдадні выступленьня ў „Кватэры №3“ нам проста паставілі ўмову: альбо мы выкарыстоўваем электронную ўстаноўку, якой мы ня можам карыстацца ў прынцыпе, альбо адмяняем выступ. Выбар быў невялікі. „Джэк Клаб наогул не палічыў патрэбным патлумачыць нам адмену нашага мерапрыемства на іхняй пляцоўцы, не зьвяртаючы ўвагу на наяўнасьць друкаванай рэклямы і актыўны распаўсюд інфармацыі аб канцэрце ў сеціве», — тлумачаць музыкі.

На просьбу Tuzin.fm адміністрацыя Jack Club, дзе першапачаткова меўся адбыцца канцэрт, адказала на прэтэнзіі музыкаў: «Мы спачуваем цудоўнаму менскаму гурту „Ілюжан“ у сувязі са зрывам прэзэнтацыі іх альбому. Са смуткам паведамляем, што клёвы гурт сутыкнуўся зь не самымі клёвымі арганізатарамі, якія дзейнічалі ад імя клюбу (без санкцыі на тое самога клюбу) і прапаноўвалі калектыву арганізацыю канцэрту. Калі клюб запатрабаваў ад гэтых людзей выканаць неабходныя фармальнасьці — падпісаць дамову, атрымаць гастрольнае пасьведчаньне, сплаціць мінімальную арэндную плату — арганізатары паведамілі ад імя клюбу, што адмяняюць канцэрт. Мы заклікаем быць музыкаў больш уважлівымі ў адносінах з тымі людзьмі, якія прапануюць дапамогу ў арганізацыі канцэртаў».

Jack Club у асобе арт-дырэктара пляцоўкі Ўладзімера Плавінскага паабяцаў гурту «Ілюжан» вызначыць дату і зладзіць сарваны недабрасумленнымі арганізатарамі канцэрт «на максымальна ляяльных для гурта ўмовах і з максымальнай падтрымкай з боку клюбу».

Tuzin.fm

ЯШЧЭ: 

!OUT: Музыка, якой не cтавала (аўдыё/відэа прэзэнтацыя EP)

«Ілюжан». Давайце вучыцца быць добрымі і сьмелымі (аўдыёпрэм’ера!)

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    07.04.2015 / 12:02

    Канфлікт вычарпаны, маем спадзеў. Канцэрт "Ілюжан" адбудзецца 16 красавіка ў Jack Club.

  • КАМЕНТАВАЦЬ