«Агінскі пайшоў у народ!». «Сьлёз тваіх больш не стрываю» ўпершыню выканалі грамадою (відэа)
2419 / 0
25.01.2016

«Агінскі пайшоў у народ!». «Сьлёз тваіх больш не стрываю» ўпершыню выканалі грамадою (відэа)

Удзельнікі «Сьпеўнага сходу» ў Менску прасьпявалі твор славутага кампазытара.

Сяргей Доўгушаў, лідэр гурта Vuraj і вядучы «Сьпеўнага сходу» называе сапраўднай падзеяй факт выкананьня гэтай песьні. «Ніколі яшчэ не сьпявалі рамансы Агінскага грамадой. У Беларусі амаль што ня ведаюць яго твораў, акрамя што палянэзу „Разьвітаньне з Радзімай“, а творчасьць яго не папулярызуецца. Вакальныя творы калі і выконваюцца, то толькі прафэсіяналамі. Наша задача была даць штуршок да таго, каб Агінскі пайшоў у народ. І ў нас гэта атрымалася! Кожны беларус можа сьпяваць Агінскага!» — зазначыў у камэнтары для Tuzin.fm Сяргей Доўгушаў.

Сьпеў «Сьлёз тваіх больш не стрываю» напісаны на словы Антонія Гурэцкага (1787—1861), напалеонаўскага легіянэра і вядомага віленскага паэта. Па жанры гэта паўстанцка-лірычная песьня. Першачаткова была напісаная па-польску ў 1809 годзе (у арыгінале завецца «Przestań przedemną łzy ronić»). На беларускую мову тэкст пераклаў Уладзімер Мархель.

«Сьпеўны сход» плянуе правесьці вечарыны, прысьвечаныя творчасьці кампазытара, і ў іншых гарадах Беларусі.

Tuzin.fm