Міхалок прызнаўся, што зьехаў зь Беларусі празь ціск з боку КДБ (відэа)
Лідэр Brutto ў інтэрвію часопісу Maxim распавёў пра акалічнасьці ад’езду з Радзімы.
Паводле Сяргея, ён вымушаны быў пераехаць зь Беларусі праз пагрозу правакацыі з боку КДБ. Калі сьпеваку пагражала на Радзіме крымінальная справа за абразу прэзыдэнта, ён некаторы час жыў у Маскве. Cправу так і не завялі, і сьпявак вярнуўся ў Менск. Але ненадоўга. На пачатку гэтага году лідэр Brutto папрасіў від на жыхарства ва Ўкраіне. «Якога чорта я мушу бегаць? Я стаміўся бегаць! І зрабіў галоўную памылку, калі вырашыў, што мяне ня будуць чапаць у Беларусі, бо я ўжо ня „ляпіс“, а Brutto. А х…йнаны! Карацей, нашы фанаты ў органах папярэдзілі, што супраць нас праводзіцца апэрацыя КДБ, і я цягам дня перабраўся зь Менску ў Кіеў. Маглі зладзіць правакацыю. Я ж наркаман, які мог прачнуцца з рэцыдывам у больніцы. Проста маглі падкінуць — маўляў, ня даў рады…» — заявіў Міхалок у інтэрвію часопісу Maxim.
Brutto працягвае гастраляваць па Ўкраіне ў межах «Партызан рок-туру». Акром таго гурт Міхалка заяўлены ў двух буйных беларускіх фэстах, якія праводзяцца за мяжой — віленскім Belarus Alternative 1 траўня і «Басовішча» ў польскім Гарадку 17—18 ліпеня. Нядаўна каманда прадставіла свой новы кліп на песьню «Олимпия», у якой саліруе Дзяніс Мельнік (Лэфт), гард-кор сьпявак з Адэсы.
Tuzin.fm, фота з сайту brut.to
КАМЕНТАВАЦЬ