«Ляпісы» vs. застабілы
3296 / 0
01.11.2013

«Ляпісы» vs. застабілы

На трох вядучых парталах Беларусі (Tut.by), Украіны (Vesti.ua) і Расеі (Yandex.Музыка) адбылася прэм’ера альбома гурта «Ляпіс Трубяцкой» пад назвай «Грай».

Праца падаецца менавіта, як альбом, хоць па-сутнасьці зьяўляецца складанкай вядомых беларускамоўных песень гурта, якія ўваходзілі ў папярэднія дыскі. Праўда, адмыслова да гэтага выданьня ўвесь матэрыял перазьвялі з дапамогай Джастына Штурца, які працуе на студыі Sterling Sound у Нью-Ёрку. Музыкі запісалі да рэлізу таксама дзьве абсалютна новыя песьні — «Месяц» і «Сонейка».

Сяргей Міхалок заявіў з нагоды прэм’еры, што хоча прысьвяціць гэты дыск тым людзям, якія руйнуюць навязаны вобраз беларусаў — гэткіх цярплівых ды ціхіх «застабілаў». «Мы жадаем паказаць, што ёсьць іншыя беларусы — якія могуць быць дзёрзкімі, шумнымі, могуць не баяцца праяўляць сваю індывідуальнасьць, якія не жадаюць пражыць сваё жыцьцё рахмана і памяркоўна, а жадаюць быць волатамі, валадарамі сваіх лёсаў. Якія ў розных сфэрах жыцьця ствараюць, змагаюцца, дасягаюць, зьдзіўляюць. Такіх людзей шмат, мы іх ведаем і альбом Грай — для іх і пра іх», — вядзецца ў прамове музыкі. 

Прэзэнтацыя альбома «Грай» адбудзецца ў Вільні, на стадыёне Siemens Arena 30 лістапада.

Паслухаць альбом можна ТУТ.

Tuzin.fm