Ігару Варашкевічу — 54! (відэа)
2213 / 0
15.08.2014

Ігару Варашкевічу — 54! (відэа)

Вакаліст, кампазытар, гітарыст, мастак, лідэр гурту «Крама» спраўляе 15 жніўня дзень нараджэньня.

Ігар Варашкевіч нарадзіўся 15 жніўня 1960 году ў Баранавічах. Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяперашняя Акадэмія мастацтваў) па спэцыяльнасьці «Інтэр’ер» (1987). Музычную кар’еру пачаў у 1982 годзе ў складзе гурту «Студыя 7». У 1984 годзе стаў адным з заснавальнікаў гурту «Бонда», які лічыцца разам з гуртам «Мроя» пачынальнікам беларускага незалежнага року. Пасьля распаду «Бонды» ў 1991 годзе сьпяваў у складзе гурту «Рокіс». У 1993 годзе стаў нязьменным вакалістам і аўтарам музыкі да песень гурту «Крама».

«Крама» дэбютуе з альбомам «Хворы на рок-н-рол», удзельнічае ў «Басовішчы», «Славянскім базары», «Маладэчне», перамагае ў расейскім конкурсе «Поколение», становіцца ўладальнікам вялікай Рок-Кароны на першай цырымоніі «Рок-Каранацыя-94», запісвае і выдае для брытанскага рынку адзін зь першых беларускіх CD «Vodka on Ice» — ангельскамоўную вэрсію дэбютнага альбому. Таксама атрымлівае ўзнагароды на «Рок-Каранацыях» у 1995 г. («За адданасьць жанру»), у 1999 г. і 2009 г. («Традыцыі і сучаснасьць»), у 2001 г. (за «Альбом году»), у 2004—2005 г. (як «Найлепшы блюз-рок выканаўца»).

У 1996 годзе «Крама» сутыкаецца зь першымі праблемамі. Кліп на песьню «Гомельскі вальс» здымаецца з этэру БТ, а тэлезапіс канцэрту з нагоды 5-годзьдзя гурту зьнішчаецца. У 2003 годзе пасьля выступу на мітынгу апазыцыі трапляе ў негалосны сьпіс забароненых рок-гуртоў. Пасьля сустрэчы рок-музыкантаў у адміністрацыі прэзыдэнта песьні ў выкананьні Варашкевіча часова вяртаюцца ў этэр дзяржаўных мэдыяў, гурт бярэ ўдзел у праектах каналаў СТВ і ОНТ. Аднак пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 году на некалькі гадоў «Крама» ізноў апынаецца пад негалоснай забаронай.

Усяго Варашкевіч разам з гуртам запісаў сем студыйных альбомаў. Удзельнічаў у музычных праектах «Песьнярок», «Personal Depeche», «Салідарны зь Беларусьсю» ды іншых. Разам з былым гітарыстам «Песьняроў» Віктарам Маўчанавым заснаваў праект «Цмок і малыш», зь вядомым расейскім блюзмэнам Мікалаем Аруцюнавым заснаваў праект «Варвары блюзу». Працаваў таксама з гуртам Apple Tea. Мае кавэр-праект Los Bulbas.

У розныя часы ўдзельнічаў у запісах альбомаў іншых выканаўцаў — ад «Сузор’я» (1984) да Indiga (2006). Як мастак у 2008 годзе зладзіў пэрсанальную выставу сваіх працаў разам зь Нікай Сандрас.

Tuzin.fm віншуе творцу з днём нараджэньня!

Tuzin.fm

Міні-фільм пра Ігара Варашкевіча і гурт «Крама» з праекту «Белы сьпіс» (аўтары Сяргей Будкін, Алесь Матафонаў)