«Тузін.Немаўля» пакажуць у Адэсе (відэа)
2487 / 0
24.06.2015

«Тузін.Немаўля» пакажуць у Адэсе (відэа)

Праект парталу Tuzin.fm і Падляскай опэры і філярмоніі будзе прадстаўлены на фэстывалі «Німі ночі» стужкай «У агні народжаная» пад жывую музыку гурта Re1ikt.

«Німі ночі» — унікальны фэстываль, прысьвечаны нямому кіно, які ладзіцца пры ўдзеле Нацыянальнага цэнтру Аляксандра Даўжэнкі. Кінапаказы ў першую чаргу ўкраінскіх стужак ідуць у суправаджэньні сучаснай жывой музыкі на прычале Марскога вакзала ў Адэсе. Сёлета фэст пройдзе ў шосты раз. Яго правядзеньне было пад пагрозаю ў сувязі зь неспрыяльнымі фінансавымі абставінамі, але ўсё ўрэшце вырашылася станоўча, хоць і давялося перанесьці кінаканцэрты з чэрвеня на канец лета. Фэст пройдзе ў два дні — 22 і 23 жніўня.

Сёлета галоўнай тэмаю стане праблема дэкамунізацыі і цэнзуры. Акром украінскіх нямых фільмаў савецкага часу, у праграме заяўлены дакамуністычны фільм з Кітаю, карціна з Чэхіі. Упершыню на фэсьце будзе паказаны беларускі фільм — гісторыка-рэвалюцыйная эпапея «У агні народжаная» (1929), у жывым суправаджэньні гурта Re1ikt.

Гурты зь Беларусі бралі ўдзел у адэскім фэсьце і раней, але агучвалі не свае стужкі — у 2013 годзе Port Mone стварылі саўндтрэк да ўкраінскага фільму «Хліб» (1930), а летась Ягор Забелаў суправаджаў францускую стужку «Ménilmontant» (1926).

На відэа: фрагмэнты з прэм’ернага паказу стужкі «У агні народжаная» з музыкай Re1ikt у Падляскай опэры і філярмоніі (2012)

Яшчэ: Кінаклясыка ажыла! Інтэрнэт-прэзэнтацыя праекту «Тузін.Немаўля» (відэа)

Tuzin.fm