Гурт «Пудынг» пераклаў свае найлепшыя песьні на беларускую (відэа)
Музыкі працягнулі супрацоўніцтва зь беларускім літаратаратам Віталём Воранавым і цяпер рыхтуюць беларускамоўны EP.
Вакалістка расейскамоўнай менскай каманды «Пудынг» Алена Сілівонік кажа, што творчы экспэрымэнт зь песьняй «Зiма» даў моцны штуршок, i музыкі вырашылі больш сьпяваць па-беларуску. Першы беларускамоўны самотнік каманды быў прадстаўлены ўзімку ў аўдыёчарце на Tuzin.fm і перамог у адным з тураў. На сёньня яшчэ некалькi песень гурта «Пудынг» атрымалі новае беларускае аблiчча. Прычым, заўважае Алена, яны загучалi па-новаму і падабаюцца музыкам ня менш за арыгіналы. «Пакуль iдзем такiм шляхам, перакладаем свой асаблiва ўдалы расейскамоўны матэрыял. Тым больш, што ёсьць дапамога i маральная падтрымка з боку нашага сябры — вядомага беларускага пiсьменьнiка Вiталя Воранава. На чарзе песьнi, якiя будуць адразу напiсаныя па-беларуску», — кажа вакалістка «Пудынгу».
Гурт мае намер выдаваць свае самыя ўдалыя песьні ў якасьці сынглаў, альбому пакуль не плянуецца. Рыхтуецца новы EP, куды ўвойдзе 3—4 песьні. Рэпэтыцыйныя запісы некаторых з трэкаў музыкі выклалі на сваім канале на Youtube. Cярод іх песьня «Аднойчы толькі». Сачыць за навінамі каманды можна праз афіцыйныя суполкі «ЎКантакце» і Facebook.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ