Юрась Панкевіч з Pawa: «Нам пасуе параўнаньне з аналягавай Nokia» (аўдыё)
Лідэр Pawa кажа, што новы альбом «Žyta» некаторых ранейшых прыхільнікаў гурта можа расчараваць.
«Калі нехта хацеў ад нас пачуць дэнс а-ля „Тарантэла“, той безумоўна расчаруецца, але большасьць нашых слухачоў дзівіцца і радуецца нашым новым песьням», — кажа Юрась Панкевіч з нагоды выхаду трэцяга альбому Pawa — «Žyta». Са словаў музыкі, у адрозьненьне ад папярэдніх рэлізаў, гэты складаецца цалкам зь беларускага матэрыялу — апрацовак традыцыйных песень. Параўнаньні з рэлізам Shuma пад назвай «Žnivo», які зусім нядаўна выйшаў, тут проста непазьбежныя. «Мне спадабаўся камэнтар з гэтай нагоды журналіста Аляксандра Чарнухі: калі Shuma — гэта модны iPhone, то мы — аналягавая Nokia. Cапраўды, мы карыстаем ўсё аналягавае, а праект Русі — гэта 100% электронная музыка», — заўважае Юрась.
Над «Žyta» музыкі працавалі з год. Акром Юрася (вакал, дуда), у запісе ўзялі ўдзел Мікіта Седзянкоў (клявішы, сьпеў), Сяржук Шаўчэнка (гітара, сьпеў), Віталь Касавец (пэркусія, вакал), Надзея Процька (скрыпка, вакал), Марына Грышанава (флейта, вакал), а таксама саўндпрадусар каманды Валеры Шаўчэнка, колішні прадусар поп-праекту «Краски». Альбом выкладзены для праслухоўваньня ў сеціве, а таксама выдадзены на CD кампаніяй «Вігма». Жывую прэзэнтацыю мяркуецца зладзіць у верасьні.
Tuzin.fm
Дачакаўся!
Нарэшце фалктронiк - 100 % ?
КАМЕНТАВАЦЬ