Brutto заснавалі антываенны рок-фэст, які хочуць правесьці ва Ўкраіне, Літве і Беларусі (відэа)
2831 / 1
29.07.2015

Brutto заснавалі антываенны рок-фэст, які хочуць правесьці ва Ўкраіне, Літве і Беларусі (відэа)

Музыкі заяўляюць, што хочуць аб’яднаць вакол сябе ўсе гурты, якія выступаюць «супраць новай халоднай вайны».

Першы фэст пад назвай «Партызан-рок» пройдзе 29 жніўня ў Кіеве. Ідэя яго правядзеньня належыць гурту Brutto. Склад удзельнікаў таксама абіралі ўдзельнікі каманды. На сцэне арт-заводу «Плятформа» выступяць гурты Dzieciuki зь Беларусі, Antis зь Літвы, «Телевизор» з Расеі, «Гайдамаки» з Украіны і ўласна заснавальнікі фэсту. «Гэта не чарговы фэст ежы ці сэксу, якія запаланілі прастору. Гэты фэст — антыімпэрскі і антываенны. Ён аб’ядноўвае ўсіх, хто выступае супраць новай халоднай вайны. Хто малады, хто любіць спорт, хоча быць моцным, сьмелым і вольным духам», — зазначыў у камэнтары для budzma.by прадусар гурта Brutto Антон Азізбекян.

На задуму заснавальнікаў «Партызан-рок» ён мае стаць традыцыйным і перасоўным. Першы фэст вырашана правесьці ва Ўкраіне. Наступны мяркуецца зладзіць у Літве. «Мы хочам, каб „Партызан-рок“ стаў фэстам, які можна сустрэць у любым пункце сьвету. Цяпер ён найбольш патрэбны ва Ўкраіне, а магчыма празь некаторы час пройдзе і ў Беларусі», — зазначыў прадстаўнік гурта Brutto.

Назву фэст атрымаў паводле аднайменнага сынглу-лёзунгу Brutto, пад якім сёлета праходзіць тур па Ўкраіне. Падрабязьней пра ўдзельнікаў першага «Партызан-року» — на budzma.bу.

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ: