
Поўны расклад вялікага канцэрту «Re:Песьняры» ў Re:Public
12 верасьня ў клюбе Re:Public адбудзецца вялікі канцэрт удзельнікаў праекту «Re:Песьняры». Вядучыя беларускія музыкі сыграюць свае найлепшыя песьні і свае вэрсіі твораў славутага ансамблю, якому споўнілася 45 гадоў.
Канцэрт будзе доўжыцца ля 4 гадзінаў. Распачне яго Зьміцер Вайцюшкевіч з кампаніяй. Гэта будзе першы афіцыйна дазволены выступ выканаўцы за апошнія некалькі гадоў. Кожны з выступоўцаў прадставіць ужывую трэк, падрыхтаваны для праекту «Re:Песьняры», а таксама сыграе абраныя творы з свайго рэпэртуару. Чакаецца шмат прэм’ераў і сюрпрызаў! Адмысловым госьцем імпрэзы станецца беларускі дзяржаўны ансамбль «Песьняры», які рыхтуе да канцэрту дынамічны сэт з найлепшых гітоў за 45-гадовую гісторыю. Весьці канцэрт будзе лідэр гурта «Палац» Алег Хаменка, які разыграе прызы ад арганізатараў праекту — парталу Tuzin.fm, грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» і фонду «Вяртаньне».
Расклад канцэрту:
18:10 Зьміцер Вайцюшкевіч і кампанія
18:40 Сяргей Пукст
19:10 SP Kava пры ўдзеле Angst
19:30 Tonqixod
20:00 Pomidor/off
20:30 «Песьняры»
21:00 Akute
21:30 Naka
11 верасьня — апошні дзень перадпродажу, калі квіткі каштуюць па 100 000 (танцпляц) і 130 000 (столік). На танцпляц квіткі можна набыць у клюбе «Графіці», у касе клюбу Re:Public і он-лайн, у касах Kvitki.by і он-лайн. Квіткі на столікі можна набыць толькі праз сайт Kvitki.by.
У дзень канцэрту квіткі ў касе Re:Public будуць каштаваць 120 000 (танцпляц) і 150 000 (столікі, калі застануцца).
З канцэрту будзе весьціся жывая трансьляцыя на Youtube, якую ладзіць беларуская служба «Радыё Свабода».
Tuzin.fm
Гук быў дрэнны, акрамя Песняроў - у іх быў свой гукааператар. А штатны гукапер толькі у смартфон глядзеў, зусім не цяміць...Шкада
Смартфон, спадарыня, здаецца быў падключаны да лічбавой мікшэрнай кансолі. Тэхналогіі).
Але, аб'ектына кажучы, так - гук быў даволі размазаны.
Згодна, гук быў ніякі...Супярэчлівае атрымалася ўяўленне ад канцэрта.Нешта спадабалася, нешта зусім не...Песняры, Вайцюшкевіч на выдатна. Akute раней чула, падабалася..., а на гэтым канцэрце нешта было не так.
Калi б не ведала слоў, нават i не зразумела бы аб чым пяюць. Вельмi дрынны гук, моцна сапсаваў уражаннi.Трэба нешта рабiць, пляцоўка увогуле някепская
КАМЕНТАВАЦЬ