
«Наша перамога непазьбежная!». «Крамбамбуля» выдала разьвітальны альбом (аўдыё/відэа)
14 кастрычніка адбыўся рэліз альбома «Крамбамбулі», які музыкі называюць апошнім у сваёй дыскаграфіі.
«Вось і зьдзейсьнілася. Мы ў лясах. У гушчарах, сатканых імглою. Сярод бярозаў ды соснаў. Бо ўжо ніяк не атрымліваецца трываць усіх гэтых прэдседацеляў, міліцыянтаў, капітанаў Ягоравых і іншых савецкіх нячысьцікаў, якія, нібы тараканы, распаўзьліся па нашай зямлі, жаруць наш хлеб, п’юць нашае малако і хочуць, каб мы былі іхнімі служкамі. Дык вось не атрымаецца! Мы ведаем нашыя пушчы, бары і лясы. Адсюль мы дастанем кожнага акупанта. І кожны атрымае тое, чаго заслугоўвае. І нашая перамога непазьбежная, бо з намі старадаўні покліч „Гэй, ліцьвіны, Бог нам радзіць!“», — адзначаюць музыкі ў заяве з нагоды выхаду альбома.
Рэліз разьвітальнага альбома «Крамбамбулі» адбыўся на сайце мультылэйбла «Пяршак».
Адначасова з альбомам выйшла відэа на песьню «Каб мы калі каму чаго», у якой галоўныя вакальныя партыі выконваюць амаль усе ўдзельнікі «Крамбамбулі». Атмасфэрны ролік зьняў рэжысэр і даўні сябра гурта Мацьвей Сабураў.
Жывая прэзэнтацыя адбудзеца 7 лістапада ў Вільні. Гледачы зь Беларусі могуць атрымаць бясплатную візу. Падрабязнасьці — тут.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ