«Бытавуха» ад Антося Ролды: альбом пра тое, што адчувае кожны (аўдыё)
2603 / 0
04.11.2015

«Бытавуха» ад Антося Ролды: альбом пра тое, што адчувае кожны (аўдыё)

26-гадовы выканаўца зь Менску выдаў свой дэбютны альбом.

«Практычна ўсе песьні з альбому — гэта апісаньне рэальна існуючых рэчаў. Я не хацеў выдумляць нейкія складаныя мэтафары і разважаць пра сэнс жыцьця. У альбоме распавядаецца пра простыя рэчы. Тое, што вакол кажнага, тое, што кожны адчувае ці перажывае. Напрыклад, ноч з жанчынай, пераезд на новую кватэру ці першае аўто, якое заўсёды ламаецца», — гэтак апісаў у камэнтары для Tuzin.fm тэматыку сваёй працы сам выканаўца. Антосю Ролду 26 гадоў, ён нарадзіўся ў сям’і вайскоўца ў Сыбіры, працуе ў Менску інжынэрам. Выступае сольна ды ў грае ў гурце Street band на гармоніку. Цяпер бярэ ўрокі па вакале і клявішах, хоча навучыцца граць джаз.

Альбом «Бытовуха» — дзьвюхмоўны. Гэта для выканаўцы найбольш прымальны варыянт у цяперашняй моўнай сытуацыі. «Нехта з сваіх прычынаў прынцыпова выкарыстоўвае толькі адну зь дзяржаўных моваў, а я нешта адчуваю лепш праз адну, а іншае — праз другую, таму і пяю як па-беларуску, так і па-расейску», — зазначае Антось. У альбом таксама ўвайшла імправізацыйная кампазыцыя «Пустыня и океан», запісаная ў студыі зь першага дубля.

На Tuzin.fm музыка прадстаўляе сваю песьню «Рухаемся». Цалкам ягоны альбом даступны для праслухоўваньня на Soundcloud.

Tuzin.fm