Алесь Камоцкі: «Ня бачу сэнсу выдаваць альбомы ў звыклым фармаце» (аўдыё)
3273 / 0
10.09.2015

Алесь Камоцкі: «Ня бачу сэнсу выдаваць альбомы ў звыклым фармаце» (аўдыё)

Выканаўца і паэт заявіў, што яго альбомы больш ня будуць выходзіць у фармаце CD-рэлізу.

«Альбомы проста выдадзеныя на дысках ужо асабліва непатрэбныя нікому, і я ня бачу больш сэнсу выдаваць свае песьні ў такім фармаце», — заявіў Алесь Камоцкі ў камэнтары для Tuzin.fm. Выканаўна ўдакладніў пры гэтым, што яго альбомы будуць выходзіць і надалей, але ў фармаце «кніга+дыск». Цяпер рыхтуюцца адразу два рэлізы — «20 рамансаў на вершы Рыгора Барадуліна» — кніга, якая акром тэкстаў будзе ўключаць таксама ноты і дыск зь песьнямі ў выкананьні Камоцкага, а таксама сольны альбом выканаўцы «Неяк так», які выйдзе разам з кнігай яго вершаў.

Акром таго, Камоцкі адмовіўся ад далейшай супрацы зь іншымі музыкамі і вярнуўся да таго фармату творчасьці, зь якога ўласна і пачынаў. Прынамсі ў студыі ён запісваецца адзін — толькі гітара і голас.

У дыскаграфіі Камоцкага больш за 10 альбомаў, але сам выканаўца лічыць, што мае толькі адзін удалы рэліз — «Дах» (2006).

Tuzin.fm