
Шпакоўская ў вобразе Вершніцы сьпяяла «Малітву»: «Гэта канец павучальнай гісторыі»
Гурт Naka прадставіў кліп на песьню «Мая Малітва». Гэтак жа будзе звацца першы ў гісторыі каманды беларускамоўны альбом.
«Выхад гэтага відэа для мяне зьяўляецца фіналам доўгай павучальнай гісторыі. Гісторыі, у якой зьмяшаліся творчасьць, помста, хітрасьць ды амбіцыі, — кажа Наста Шпакоўская. — Насуперак усяму мы вырашылі давесьці справу да канца, таму што вершы Янкі Купалы належаць беларускаму народу, а тым больш гэтыя радкі з малітваю за беларускі народ. Лічу, што кожны мае права сачыняць музыку на гэтыя словы, выконваць яе і жыць гэтым, калі яму неабыякавы лёс свайго народу і краіны».
Адмыслова для здымак Наста навучылася катацца вярхом, каб выканаць ролю Вершніцы (тут абыгрываецца яшчэ адна прыкрая гісторыя, калі суаўтар сучаснага герба «Пагоня» Ўладзімер Крукоўскі хацеў падаць на аўтара малюнку «Вершніца» за зьнявагу сымбаля). Над кліпам працавалі рэжысэр Арцём Лобач, апэратар Аляксандар Алейнікаў і мастачка Наста Шастак.
Выхад першага беларускамоўнага альбому Naka, які атрымае назву «Мая малітва», заплянаваны на студзень 2016 году. Жывая прэзэнтацыя пройдзе 18 сакавіка ў Менску і 20 сакавіка ў Віцебску. Сачыць за навінамі гурта можна праз афіцыйную суполку.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ