
Intelligency прадставілі дэбютнік у стылі «тэхна-блюз» (аўдыё+відэаінтэрвію)
Гурт, які Tuzin.fm сёлета залічыў у надзеі беларускай музыкі, выдаў дыск пад назвай «DoLoven».
Музыкі паказалі дагэтуль некалькі выдатных самотнікаў, міні-альбом і відэа-рэліз і дужа парадавалі беларускамоўным трэкам «Восень». Intelligency знайшлі сваю нішу на беларускай сцэне. Адметнасьць іх у спалучэньні электроннай танцавальнай музыкі з гітарнай музыкай зь лёгкім прысмакам блюзу. Для студыйных вэрсіяў кампазыцыяў таксама былі запісаныя жывыя будзённыя гукі, як, напрыклад, шум дажджу і ветру, друкарскага станка, скрып дзьвярэй. Свой стыль гурт заве «тэхна-блюз». У сеціўны варыянт альбому «DoLoven» увайшло 12 трэкаў. Яшчэ адзін трэк пакуль трымаецца ў сакрэце і пабачыць сьвет на дыску ў якасьці бонусу. Мова для выказваньня абраная ангельская. «Нам цяпер хочацца паэкспэрымэнтаваць у кірунку агрэсіўнага Маякоўскага, але ангельскамоўнага. Насамрэч той аўтар, які зможа пасьля N.R.M. выказаць беларускую музыку ў іншым папулярным жанры, — гэта будзе геніяльны чалавек. Бо гэта вельмі тонкая культура, перамешаная з мноствам этнасаў, якія мы прынялі тут — габрэі, палякі, нават расейцы, якія, знаходзячыся ў Беларусі, па-іншаму пачынаюць думаць. Калі сканцэтравана сказаць, то ў аніводнай культуры няма вось такога мацярынскага цёплага слова. Менавіта цяпла: „простыя рэчы, простыя словы“», — так разважалі музыкі Ўсевалад Доўбня й Юры Тарасевіч на тэму мовы ў творчасьці ў інтэрвію парталу Tuzin.fm. Неўзабаве яны абяцаюць прэзэнтаваць новы беларускамоўны трэк.
З нагоды выхаду альбому журналіст Віктар Сямашка пагутарыў з музыкамі.
Некалькі песень Intelligency ўвайшлі ў якасьці саўндтрэку да новага беларускага мастацкага фільму «Граф у апэльсінах», прэм’ера якога адбудзецца 19 сьнежня. Гурт зьбіраецца ў тур па Беларусі. Сачыць за навінамі гурта можна празь іх афіцыйныя суполкі: укантакце/ іnstagram/twitter/facebook.
Яшчэ: Надзея 2015. Intelligency пяе па-беларуску (аўдыёпрэм’ера)
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ