Nizkiz запісаў гімн сьмелым (аўдыё)
Магілёўская каманда прадставіла новы беларускамоўны трэк «Цяпер і далей» ды задумалася над выданьнем альбому на сваёй мове.
Першы беларускамоўны сынгл Nizkiz «Гуантанама», запісаны летась, музыкі прызнаюць пасьпяховым. Песьня іх публіцы вельмі спадабалася і стала адным з галоўных гітоў магілёўскай рок-каманды. Ня дзіва, што музыкі задумаліся над працягам. Тэкст «Цяпер і далей» быў створаны пры дапамозе паэта Віталя Рыжкова. Вакаліст гурта Аляксандар Ільін у час прэзэнтацыі песьні на «Эўрарадыё» зазначыў, што цяпер гэта яго самая ўлюбёная песьня з усяго рэпэртуару ды назваў яе «гімнам людзям, якія здольныя на сьмелыя ўчынкі».
Мяркуецца, што новы альбом Nizkiz, над якім цяпер ідзе праца, будзе складзены прыблізна на палову зь беларуска- і расейскамоўных песень. А ў будучыні, кажуць музыкі, цалкам магчыма, што яны запішуць цалкам беларускамоўны дыск.
Nizkiz можна пачуць сярод гасьцей фэсту «Дзень радыё» сёньня, 23 траўня ў Re:Public.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ