
«Жадан і Собаки» прэзэнтавалі відэа на песьню «Рок-музыкант» гурта «Мроя»
Ролік на песьню, запісаную для праекту Global Reload, зьняты падчас туру ўкраінскага гурта ў лістападзе 2015 году.
Даўні гіт гурта «Мроя» зьявіўся ў рэпэртуары ўкраінцаў летась. Менавіта «Рок-музыканта» Сяргей Жадан вырашыў перакласьці зь беларускай на ўкраінскую ды засьпяваць разам з гуртом «Собаки в космосі». Каб падкрэсьліць сваю павагу да арыгіналу, пры канцы кампазыцыі Сяргей пяе па-беларуску. «Гэта песьня мужчын, якія ведаюць, што яны хочуць рабіць, упэўнена трымаюцца ў жыцьці і маюць, што адказаць на любыя закіды датычна сваёй жыцьцёвай пазыцыі», — гэтак успрыняў топавы ўкраінскі літаратар і сьпявак твор Лявона Вольскага ды Ўладзі Давыдоўскага, напісаны 27 гадоў таму.
Кампазыцыя настолькі добра ўпісалася ў сэт-ліст харкаўскага гурта, што ён яе стаў выконваць на кожным канцэрце. У лістападзе 2015 году музыкі мелі тур па Ўкраіне (Харкаў-Днепрапятроўск-Віньніца-Ужгарад-Луцак), кадры зь якога і ўвайшлі ў відэа. Рэжысэрам мантажа стала Ганна Перапяліца.
Кампазыцыя «Рок-музыкант» была запісаная для праекту Global Reload, які задумалі партал Tuzin.fm разам з грамадзкай кампаніяй «Будзьма беларусамі!».
Tuzin.fm, фота Budzma.by
КАМЕНТАВАЦЬ