
«Гэта тыповы крык лебедзя-клікуна». Сямашка запісаў агрэсіўны альбом «Ang-Cho!» (аўдыё)
Да мультыінструмэнталіста і паэта ў жывой сэсіі, якая прайшла ў віцебскім лофце «Дзітрых», далучыўся Дзяніс Кудраўцаў.
«Менавіта дзякуючы майму калегу, гэты альбом набыў нязвыклы ў маім выпадку агрэсіўна-рокавы, нават гард-коравы характар. Дзянісу давялося граць на гітары з loop-эфэктам і адначасова голымі рукамі, бяз палачак на зьмешанай электронна-акустычнай барабаннай устаноўцы. Ды й спэцыфічная атмасфэра лофту „Дзітрых“ да таго стымулявала», — распавядае пра сваю новую працу Віктар Сямашка. Запіс прайшоў летась у Віцебску, падчас жывога выступу. Музыкі прызнаюцца, што загадзя да яго не рыхтаваліся, хіба толькі Віктар абраў з сваіх вершаў тыя, што нагадваюць панкаўскія крычалкі. Ужыў і жывёльныя выгукі. У гонар аднаго зь іх «Анг-хо!» і быў названы альбом. «Гэта тыповы крык лебедзя-клікуна», — тлумачыць музыка.
Віктар Сямашка — духавік, граў у шэрагу менскіх гуртоў («Князь Мышкін», «Нагуаль», Mouches a l'orange ды іншых), сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, радыёвядоўца. Дзяніс Кудраўцаў жыве пад Менскам у вёсцы Сінія Горы, займаецца хатнім гуказапісам, дызайнам і відэаздымкамі, грае ў гуртох Yellow Power і Masque Noir. Дуэт хацеў бы паўтарыць сумеснае музыкаваньне, але пакуль ня ведае дзе.
Cпампаваць «Ang-Cho!» можна на старонцы інтэрнэт-лэйблу HAZE.
Tuzin.fm, фота Леаніда Нарушэвіча
КАМЕНТАВАЦЬ