
Сяргей Будкін: «Беларускі музычны рынак дасягнуў дна»
На просьбу газэты «Беларусы і рынак» галоўны рэдактар Tuzin.fm прааналізаваў сытуацыю на музычным рынку краіны.
У размове з журналістам Тарасам Тарналіцкім, былі закранутыя найбольш насутныя пытаньні, зьвязаныя з выданьнем і продажам музыкі, праблемы ў арганізацыі канцэртаў і фэстываляў з удзелам беларускіх выканаўцаў. У прыватнасьці Сяргей Будкін канстатаваў, што ў сэгмэнце выданьня дыскаў і продажу музыкі, Беларусь дасягнула дна: выданьне CD практычна спыненае, продажы ў сеціве зусім мізэрныя. Праўда, ужо ёсьць станоўчыя прыклады, якія дэманструюць гатоўнасьць прыхільнікаў фінансаваць альбом музыкаў на этапе яго стварэньня.
Даволі сумнай, на назіраньне кіраўніка Tuzin.fm, выглядае сытуацыя, і з канцэртамі айчынных артыстаў — тыя музыкі, якія былі здольныя сабраць на сваім сольным выступе каля 700 чалавек, цяпер задавольваюцца лічбай удвая-ўтрая меншай. Вельмі няпростая сытуацыя і з фэстывальным рухам у Беларусі, бо шмат якія праекты былі згорнутыя ці прыпыненыя на час. Сяргей таксама заўважыў, што прававыя акты, датычныя арганізацыі канцэртаў, толькі ствараюць дадатковыя праблемы арганізатарам, музыкам і слухачам.
І хоць агулам тэндэнцыі на беларускім музычным рынку даволі сумныя, галоўрэд Tuzin.fm аптымізму не губляе і верыць, што на гэтую сытуацыю можна паўплываць.
Цалкам прачытаць меркаваньне Сяргея Будкіна можна на сайце газэты «Белорусы и рынок».
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ