Фіналісты Cover King сыграюць кавэры на «Песьняроў» (відэа)
Фінал трэцяга сэзону самага прэстыжнага беларускага конкурсу кавэр-бэндаў прысьвяцілі 45-годзьдзю «Песьняроў».
Арганізатары вырашылі, што тыя гурты, якія трапілі ў фінал, павінны зрабіць уласнае пераасэнсаваньне адной зь «песьняроўскіх» кампазыцыяў — «Чырвоная ружа». Мэнэджар конкурсу Сьвятаслаў Чарнуха кажа: «Часьцей за ўсё кавэры робяць на ангельскамоўныя кампазыцыі, але мы лічым вельмі важным і выкананьне беларускіх твораў. Пагатоў такая нагода — 45 гадоў „Песьнярам“».
Фінальны канцэрт Cover King прызначаны на 10 чэрвеня ў клюбе Coyote. У ім возьмуць удзел гурты «Endorfin & Чья-то девушка», Pay Day і Pechen’ki. Яшчэ адзін удзельнік будзе вызначаны на дадатковым адборачным канцэрце 3 чэрвеня. Цікава, што ў фінал ня трапіў Ігар Варашкевіч з сваім кавэр-праектам Los Bulbas. Прызавы фонд конкурсу больш за 3000 даляраў, пераможцу дастанецца 1500.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ