Rock Profi 2016: прафэсіяналы вылучылі Re1ikt
1902 / 0
27.05.2016

Rock Profi 2016: прафэсіяналы вылучылі Re1ikt

Дзьве галоўныя ўзнагароды музычнай прэміі Rock Profi — «Альбом году» і «Артыст году» — з рук Лявона Вольскага і Ігара Варашкевіча атрымаў гурт Re1ikt. Цырымонія ўручэньня адбылася 26 траўня ў менскім клюбе ILI.

Rock Profi адзіная прафэсійная музычная прэмія, дзе пераможцаў вызначаюць беларускія музыкі, якія выдалі альбомы цягам апошніх трох гадоў. Узнагароды ўручаюцца з 2013 году. Сёлета ўпершыню за гісторыю існаваньня прэміі Rock Profi дзьве галоўныя ўзнагароды дасталіся аднаму выканаўцу.

«Самае прыемнае ў гэтых узнагародах  яны адлюстроўваюць меркаваньне калег. Дзякуй усім, хто ацаніў менавіта нас, хаця вартых кандыдатур у анкетах хапала кажа лідэр гурта Re1ikt Аляксандар Дземідзенка Асобны дзякуй, што ўзнагароды мы атрымалі ад людзей, якіх мы вельмі паважаем — і як людзей, і як выканаўцаў, і як легендарных асобаў  Лявона Вольскага і Ігара Варашкевіча. Мы пачыналі слухаць іх песьні, калі былі дзецьмі, і яны так ці інакш паўплывалі на нас, калі мы пачалі граць музыку. Калі адбываюцца такія рэчы, разумееш  любая мара можа зьдзейсьніцца».

У галасаваньні Rock Profi 2016 паўдзельнічалі 66 гуртоў і сольных выканаўцаў, якія разгледзелі 45 альбомаў і 92 песьні, якія выдаваліся ў якасьці сынглаў і кліпаў.

Пераможцы Rock Profi 2016:

Дэбют году: Super Besse

Найлепшы запіс (прыз гукарэжысэрам): Аляксандр Геліх за «Музыка  всё!» гурта «Серебряная Свадьба»

Найлепшая песьня: Brutto «Родны край»

Найлепшы альбом: Re1ikt «Лекавыя травы»

Артыст году: Re1ikt

За ўнёсак у беларускую музыку: этна-трыё Троіца

Арганізатары прэміі: Павал Юрцэвіч (студыя «Осмас», клуб ili) і Зьміцер Безкаравайны (Experty.by). Пратаколы галасаваньня апублікаваныя на старонках прэміі ў Facebook і Vkontakte.

Tuzin.fm

Тэгi: