
«Сямашка ды Кумпанія» выдалі ў Бэльгіі трыб’ют Надзеі Лежэ, запісаны на яе малой радзіме
Кіраўнік бэльгійскага лэйблу Tape-Safe палічыў неверагодным запіс, які зрабілі беларускія музыкі ў мястэчку Зэмбін, дзе прайшло юнацтва прадстаўніцы «Парыскай школы» Надзеі Хадасевіч-Лежэ.
Бэльгійскі нэт-лэйбал Tape-Safe выдаў новы альбом «Віктара Сямашкі ды Кумпаніі» — «Zembin». Запіс адбыўся год таму падчас канцэрту ў Зэмбінскім цэнтры культуры пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!». У паэтычна-музычных імправізацыях кумпанію Віктару склалі ўдзельнікі дэз-джаз-бэнду Masque Noir — Фрыд Самотны (сакс) і Дзяніс Кудраўцаў (гітара). Пра абставіны гэтага запісу згадвае Віктар Сямашка:
«Мы самі выбралі месца для выступу, загадзя ведаючы, што ў Зэмбіне, што за 60 кіламэтраў ад Менску, прайшло юнацтва мастачкі-супрэматысткі. Тут захоўваюцца яе арыгінальныя мазаікі, а таксама шэраг копіяў з працаў Ван Гога, Гагена ды іншых славутых мастакоў. На імпрэзу ў актавай залі сабраўся ўвесь мясцовы культурніцкі актыў. Некаторыя зь мясцовых жыхароў асабіста бачыліся з Надзеяй Лежэ ў дзяцінстве. Яны распавялі, што падчас наведваньня малое Радзімы мастачка выдатна размаўляла на клясычнай беларускай мове ўзору 1920-х гадоў, памятала народныя песьні. Некалькі гадоў таму зэмбінцы паставілі спэктакль паводле біяграфіі Лежэ: сцэнар пісалі самі, а галоўную гераіню гралі тры акторкі розных узростаў. Увесь матэрыял за выключэньнем вершаў ствараўся цалкам спантанна пад уплывам самога месца. Сярод іншага моцны эмацыйны адбітак пакінуў наведаны перад канцэртам паўразбураны касьцёл. Імпрэза скончылася, як і мае быць, агульным застольлем з абдымкамі, пацалункамі ды сьпевамі пад акардэон. Пачуўшы запіс з Зэмбіна, кіраўнік бэльгійскага лэйблу Tape-Safe Ларэнца палічыў яго „неверагодным“ і пагадзіўся на публікацыю».
У якасьці бонусу ў «Zembin» увайшлі тры кампазыцыі, запісаныя тым жа складам і таксама летась у скульптурнай майстэрні Заіра Азгура.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ