
Апублікаваны адзіны сольны альбом Рыгора Барадуліна (аўдыё)
Алесь Камоцкі выклаў альбом «Гойкнуў баравік», які запісаў Народны паэт у яго дома 16 гадоў таму.
Гэты альбом лічыўся рарытэтным, выдаваўся толькі на касэтах і хутка разышоўся, а ў сеціве да гэтага публікаваліся толькі асобныя трэкі. У час зімовых сьвятаў Алесь Камоцкі, з падачы якога і адбыўся гэты запіс, вырашыў зрабіць прыемнасьць ды выклаў для праслухоўваньня ўсе 56 трэкаў. Паэт акапэла сьпявае песьні ды прыпеўкі з роднай Вушаччыны. «Ідэя запісу была мая і дзядзька Рыгор адгукнуўся на яе з імпэтам, бо яму хацелася зафіксаваць тое, што ён ведаў. Ён сам склаў сьпіс песень і мы ўсё запісалі ў мяне дома, за гарбатаю, за нейкія тры гадзіны», — паведаміў у камэнтары для Tuzin.fm Алесь Камоцкі. Спадар Алесь у будучыні таксама зьбіраецца апублікаваць трэкі, якія не ўвайшлі ў гэты альбом.
Менавіта сьпевы з Вушаччыны натхнілі шэраг музыкаў на праект «Песьні матчыны», прэм’ера якога заплянаваная на дзень народзінаў паэта — 24 лютага ў дзяржаўнай філярмоніі.
На загалоўным фота: Рыгор Барадулін і Алесь Камоцкі, 2000 год.
Яшчэ: Тузін сьпеваў ад дзядзькі Рыгора
Tuzin.fm, фота БДАКФФД
КАМЕНТАВАЦЬ