R.I.P. Вучні Алеся Рашчынскага ладзяць канцэрт яго памяці
Знаны беларускі кампазытар і пэдагог за паўгоду згарэў ад раку.
На жаль, яго жыцьцё абарвалася вельмі рана і хутка. За паўгоду ён літаральна згарэў ад раку. Свой апошні, шэсьцьдзясят сёмы, дзень нараджэньня Алесь Уладзімеравіч Рашчынскі адзначыў 2 красавіка, а праз чатыры месяцы — 10 жніўня — пайшоў у іншы сьвет.
Усё сваё жыцьцё ён плённа працаваў на карысьць Беларусі, якую так любіў. Меў дзьве вышэйшых адукацыі — скончыў дзяржаўны музычны інстытут імя Гнесіных у Маскве і Беларускую дзяржаўную кансэрваторыю ў Менску. Шмат у чым дзякуючы яму адкрылася аддзяленьне народна-харавых сьпеваў у Менскай музычнай вучэльні імя Глінкі ў 1973 годзе, дзе потым ён доўгі час быў загадчыкам і выкладчыкам.
Алесь Уладзіміравіч стаяў ля вытокаў узьнікненьня вядомых калектываў «Харошкі», «Купалінка», «Агмень», «Жывіца». Выдаў 8 зборнікаў народных песень і танцаў, зрабіў больш за 150 расшыфровак, аранжыровак і апрацовак беларускіх народных песень, распрацаваў праграму выхаваньня для беларускамоўных дзіцячых садкоў, 5 музычных праграм, па якіх цяпер вучацца студэнты беларускіх музычных каледжаў. Сьпіс усіх яго твораў займае каля 10 старонак, самыя вядомыя зь іх — фантазія «З рога ўсяго многа», араторыя «Смутак памяці», творы для сымфанічнага і народнага аркестраў, вялізарны пласт харавой музыкі…
Я магу яшчэ шмат часу пералічваць яго заслугі перад Радзімай, але галоўнае, што хочацца данесьці да слухача ў гэты вечар — яго шчырую і сьветлую музыку, якую мы, яго навучэнцы, і цяпер слухаем і сьпяваем з захапленьнем. Вечар памяці Алеся Рашчынскага пройдзе 15 верасьня ў менскім Палацы вэтэранаў пры ўдзеле выпускнікоў аддзяленьня «Народна-харавыя сьпевы» розных гадоў. У канцэрце возьмуць удзел Ірэна Катвіцкая, Аляксандар Лявончык, ансамблі «Каханачка», «Вечарына», «Агмень» ды іншыя. Падрабязнасьці — у афішы.
Юлія Тарасевіч, для Tuzin.fm
Светлы быў чалавек, адданы сваёй справе на ўсе 200%. Ч ганаруся, што вучылася ў яго! Прыходзьце на канцэрт памяці!
КАМЕНТАВАЦЬ