
Re1ikt сабраў грошы на выхад альбома за 7 дзён
Плянавалася, што кампанія будзе цягнуцца тры тыдні, але неабходная сума набралася куды хутчэй.
123% сродкаў сабраў гурт Re1ikt на выхад свайго альбому «Kufar» за тыдзень. Музыкі зладзілі кампанію на краўдфандынгавай плятформе Talaka.bу. Суму заявілі досыць сьціплую — 1000 руб. (520 даляраў) і былі ўражаныя неверагоднай падтрымай з боку прыхільнікаў. «Самы дарагі лот — гадавы абанэмэнт на ўсе выступы Re1ikt — набылі адным зь першых. Наогул жа грошы на альбом пералічвалі ня толькі беларусы, але і замежнікі — з Польшчы, Сэрбіі, ЗША», — распавядае лідэр каманды, бубнач Алесь Дземідзенка. Музыкі вырашылі не спыняць кампанію, яна будзе цягнуцца яшчэ амаль два тыдні. Грошы, сабраныя звыш, пойдуць на кліп і на арганізацыю прэзэнтацыі альбому 10 сьнежня ў клюбе «Брюгге».
Рэліз дыску «Kufar» прызначаны на 21 кастрычніка, роўна праз год пасьля выхаду самага пасьпяховага альбому каманды «Лекавыя травы». «Мы не абяцаем выдаваць па альбоме ў год, але ўжо гатовыя пісаць новы матэрыял», — заўважае Алесь Дземідзенка.
Старонка кампаніі па збору сродкаў на сайце Talaka.by
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ