Яўген Бузоўскі сышоў з IQ48. Будучыня гурту пад пытаньнем
Сузаснавальнік і гітарыст IQ48 адыграў апошні канцэрт у складзе каманды.
18 сьнежня ў клюбе TNT адбылася жывая прэзэнтацыя альбому «Трымай свой час». Адначасова гэта быў апошні выступ гурту разам зь Яўгенам Бузоўскім, нязьменным гітарыстам IQ48. Менавіта ён разам з Паўлам Зыгмантовічам у 2000 годзе заснаваў гэтую каманду. «Аддаў IQ48 16 гадоў свайго жыцьця і, вядома ж, не шкадую. Да пэўнага моманту ўсё было крута і гарэў агеньчык, але пасьля пачалася стагнацыя — гурт не хацеў разьвівацца далей. Разважаў некалькі месяцаў і прыняў рашэньне сысьці», — сказаў у камэнтары для Tuzin.fm Яўген.
«Так, на апошняй рэпэтыцыі Яўген нам паведаміў, што сыходзіць. Гэта яго рашэньне і пярэчыць яму мы ня можам. Не магу пакуль нічога сказаць пра будучыню гурту. Пакуль IQ48 на паўзе — ня ведаю на міні-паўзе ці на максі-паўзе. Але я думаю, што мы зьбярэмся, калі будзе на тое важная нагода», — пракамэнтаваў сытуацыю Tuzin.fm вакаліст гурту Аляксандар Ракавец. Ён удакладніў, што замену свайму гітарысту яны пакуль не шукалі.
Што да Яўгена Бузоўскага, то ён не сыходзіць з музыкі. Ён абяцае зьявіцца неўзабаве ў складзе іншага беларускага рок-гурту.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ