Беларускамоўны дэбют Nuteki: «Гэта толькі пачатак!» (відэа)
Гурт Nuteki зьняў каляднае відэа на песьню «Так кахаць».
Гэта беларускамоўная вэрсія песьні «Take My Heart», зь якой гурт трапіў у фінал нацыянальнага адбору на «Эўравізію». Тэкст да яе напісаў лідэр гурту Hurma Мікіта Найдзёнаў. Музыкі паклікалі сваіх сваіх самых адданых прыхільнікаў на прэм’еру ды запісалі з гэтай нагоды відэаролік. Песьня гучыць у ім у акустычным варыянце. «Гэты сьпеў адкрыў для нас прыгажосьць і мэлядычнасьць беларускай мовы, так што я думаю, што гэта пачатак, — сказаў у камэнтары для Tuzin.fm лідэр Nuteki Міхаіл Накарашвілі. — Мы плянуем у будучыні сьпяваць па-беларуску. Фарсіраваць гэты працэс неяк адмыслова не зьбіраемся, хочацца, каб тэкст стрэліў, як у гэтым выпадку».
Беларускамоўны дэбют Nuteki быў успрыняты настолькі прыязна, што музыкі думаюць над тым, каб выканаць у адборы на «Эўравізію» 20 студзеня яе на роднай мове, прынамсі часткова.
Nuteki — адзін з самых пасьпяховых праектаў зь Беларусі. Заснаваны 9 гадоў таму ў Бабруйску, гурт мае вядомасьць ва Ўкраіне і Расеі, выступаў у ЗША, кліп на іх песьню «Дни километры» дасягнуў больш за 1,3 мільёну праглядаў.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ