
Каляды без налёта рэлігійнасьці і музэйшчыны (відэа)
Удзельнікі сьпеўнага гурту Юліі Бондар зьнялі відэа на песьню «Вой, коню-коню, я цябе прадам», у якім па-іншаму паглядзелі на калядную тэму.
Рэдкі выпадак. Стваральнікі каляднага відэа не выкарыстоўваюць стандартныя штампы, зьвязаныя зь вёскай. Ідэя запісаць песьню прыйшла да дзяўчат падчас сьпеўных заняткаў — акапэльную дынаміку твору падмацаваў гудок — струнны народны інструмэнт. Калядны сьпеў тут жа вырашылі ўвасобіць у відэа. «Такія сьвяты маюць права існаваць без налёту рэлігійнасьці, эзатэрыкі ці музейшчыны. Каляды для нас сёньня — гэта ня столькі зьнешні антураж, колькі сутнасныя дзеі — завяршэньне няскончаных справаў, азначэньне каляндарнай кропкі, павелічэньне сьветлавога дня. Неабавязкова быць замораным цяжкой працай селянінам, гэта актуальна для кожнага, хто хоча асэнсаваць сябе ў гэтым сьвеце і хто шукае падмурку», — падзялілася сваёй думкаю з Tuzin.fm сьпявачка Юлія Бондар (на фота). Яна спадзяецца, што гэты прыклад натхніць іншых на новае бачаньне традыцыйнай культуры ў нашым хуткім сучасным жыцьці.
Разам зь Юліяй калядную песьню «Вой, коню-коню, я цябе прадам» сьпяваюць Юлія Гагуліна, Вольга Маржэўская, Вольга Бычкова, Дарыя Грашчанкова, Ганна Шчука. Гудок — Дарыя Грашчанкова. У здымках брала ўдзел Аляксандра Супрон. Відэаздымка — Аляксей Піскун, мантаж Jula Bo.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ