
«Можа ён наогул апошнім рокерам быў». Памёр Лэмі з Motörhead
Музыкант Ян Фрэйзэр Кілмістар, вядомы ўсяму сьвяту як Лэмі, пайшоў у іншы сьвет 28 сьнежня 2015 году.
Пра сыход заснавальніка і вакаліста брытанскага гурта Motörhead паведамілі яго калегі праз афіцыйную старонку каманды. Сьмерць апынулася поўнай нечаканасьцю для ўсіх. Лэмі 24 сьнежня адзначыў 70-годзьдзе, яго гурт са студзеня 2016-га зьбіраўся паехаць у сусьветны тур з нагоды 40-годзьдзя. «Наш магутны высакародны сябра Лэмі сканаў сёньня пасьля кароткага бою з надзвычай цяжкай формай раку. Ён даведаўся пра хваробу 26 сьнежня ў сябе дома, калі сядзеў перад сваёй улюбёнай відэагульнёй… Мы ня можам выказаць наш смутак і шок, проста няма словаў», — гаворыцца ў паведамленьні.
Лэмі з гуртом двойчы выступаў у Беларусі — у 2000-м і ў 2014 годзе. На той леташні тур музыка запрашаў публіку арыгінальным чынам: «Прыходзьце на мае канцэрты, калі я не памру. А калі памру — не прыходзьце».
Навіна пра сьмерць заснавальніка Motörhead узрушыла яго шанавальнікаў у Беларусі. Сярод іх Аляксандар Кульлінковіч. «Душаць эмоцыі і сьлёзы. Няшмат засталося такіх рокераў. А можа і наогул, ён апошні быў», — сказаў лідэр Neuro Dubel. «Я настолькі ўражаны сьмерцю Лэмі, што не магу гэта неяк выразна камэнтаваць. Я ўбачыў яго фота яшчэ калі быў першаклясьнікам, і яго энэргетыка і харызма захапіла мяне як нічыя іншая… Прызнаць яго сьмерць, значыць прызнаць, што і Элвіс Прэсьлі памёр… Гэта дзіўна, калі не сказаць немагчыма. Яны жывыя, пакуль мы іх чуем», — заявіў лідэр Gods Tower Лэсьлі Найф.
Motörhead выступае ў Менску. Відэа выкладзенае карыстальнікам chibasik
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ