2971 / 0
23.12.2013

«Крамбамбуля» на Эўрамайдане грала «Партызанскую» (відэа)

Гурт «Крамбамбуля» на чале зь Лявонам Вольскім узяў удзел у вялікім рок-канцэрце, які прайшоў 22 сьнежня на Майдане ў межах акцыі прыхільнікаў эўраінтэграцыі.

 

Беларускія музыкі ўзялі ўдзел у акцыі на Эўрамайдане на знак салідарнасьці з сваімі сябрамі-ўкраінцамі. Пра сваю гатоўнасьць выступіць у Кіеве Лявон Вольскі паведаміў у інтэрвію Tuzin.fm. яшчэ на пачатку сьнежня: «Яшчэ ў першы дзень Эўрамайдану я зьвязаўся з Сашком Палажынскім (лідэр гурта «Тартак» і грамадзкі актывіст — заўвага ТГ) — пытаўся, чым дапамагчы. Ён адказаў, што калі будзе трэба, паведаміць. Дык вось, пацьвярджаю — калі трэба, мы гатовыя».

Пра свой удзел у Эўрамайдане «Крамбамбуля» паведаміла ўжо калі прыехала ў Кіеў. Музыкі выступілі ў вялікім канцэрце ўвечары 22 сьнежня ў цэнтры ўкраінскай сталіцы разам зь вядучымі мясцовымі выканаўцамі — ТНМК, «Гайдамаки», «Мотор’ролла», Тарасам Чубаем ды іншымі.

Цікава, што выступ на Эўрамайдане «Крамбамбуля» пачала зь песьні з рэпэртуару гурта N.R.M. «Партызанская». «Галоўнае не дапусьціце такой сытуацыю, якую мы дапусьцілі ў свой час», — заявіў Вольскі, калі вітаўся з публікай.

 

Tuzin.fm, відэа тэлеканалу «Белсат»