
Тэатр жывых скульптур “Студыя залатога рэжысёра” просіць пра дапамогу
Тэатр жывых скульптур “Студыя залатога рэжысёра” - гэта беларускі калектыў артыстаў і аніматараў пад кіраўніцтвам Аляксея Стукіна, які звярнуўся да грамадскасці па дапамогу.
Галоўная асаблівасць гэтага напрамку вулічнага мастацтва - “жывая статыка”, уменне распавесці сюжэт, не здзяйсняючы рухаў. Падабенства са статуямі дасягаецца за кошт нанясення адмысловага грыму і стварэння складаных строяў.
У гэтым жанры тэатр “Студыя залатога рэжысёра” працуе ўжо 15 гадоў і паспеў палюбіцца мінчанам і гасцям сталіцы. Трупа актыўна брала ўдзел у вулічных мерапрыемствах і гарадскіх святах не толькі ў Беларусі, але і падчас конкурсаў ды фестываляў у краінах Еўропы. Увесь гэты час творчы калектыў практычна не карыстаўся нічыёй фінансавай падтрымкай, бо заўжды зарабляў самастойна, аднак у гэтым годзе ўсё змянілася:
- Гэты год кардынальна адрозніваецца ад астатніх, - тлумачыць Аляксей Стукін. - Мноства фактараў негатыўна паўплывалі на жанр. Сярод іх: пандэмія, пераход большасці гледачоў на выдаленую працу, скарачэнне колькасці людзей, якія гуляюць па нашых лакацыях. Да гэтых фактараў дадалася і складаная палітычная абстаноўка ў краіне. Мы вымушаныя звярнуцца да вас па дапамогу, паколькі на балансе ў тэатра знаходзіцца арэнднае памяшканне, якое патрабуе рэнты.
Сёння калектыву патрэбная дапамога ў памеры 3 000 беларускіх рублёў, каб аплаціць памяшканне. У далейшым плануецца скасоўваць дамову арэнды - да наступлення спрыяльных часоў. “Студыя залатога рэжысёра” будзе ўдзячная за любую дапамогу і гатовая разгледзець усе прапановы.
КАМЕНТАВАЦЬ