
Перакладчыцу Гары Потара пагражаюць звольніць з БДУ
Адміністрацыя БДУ пагражае звальненнем перакладчыцы Алене Пятровіч. Маўляў, страйкуючы яна зрабіла студэнтаў "закладнікамі сітуацыі".
—У нядзелю я абвесціла аб пачатку забастоўкі лістом на кафедру, куды ўключыла ўсіх калег, — тлумачыць Алена Пятровіч. — У панядзелак не прыйшла на паседжанне кафедры з гэтай нагоды, а з аўторка не праводжу заняткі — прыходжу ў аўдыторыі і абвяшчаю, што бастую. І проста сяджу ў аўдыторыі. Учора загадчык сказаў мне і яшчэ аднаму калегу, які бастуе, пісаць заяву на перавод на палову стаўкі, мы адмовіліся, бо гэта б нівелявала сутнасць забастоўкі. Я пра гэта і напісала загадчыку, што я не хачу працаваць менш гадзін, а далучылася да агульнанацыянальнай забастоўкі. Пасля атрымала вось гэты ліст:
— Ну што ж, філфак БДУ пачынае шляхетную місію вызвалення закладнікаў. Не ведаю, што вы там сабе падумалі, але закладнікі — гэта студэнты ФПМІ і геафака, якія па маёй віне прапусцілі цэлую тэму з вучэбнага плана курсу "Беларуская мова: прафесійная лексіка". Шчасця і ўдачы майму ўніверсітэту ў яго нялёгкім змаганні. Мы пераможам, — каментуе Пятровіч у сацыяльных сетках.
Алена Пятровіч — перакладчыца раманаў пра Гары Потара і іншых твораў на беларускую мову.
КАМЕНТАВАЦЬ