3190 / 0
17.01.2014

Ціхан Золатаў: «У Divina Enema застаўся нявыдадзены альбом» (рарытэтнае аўдыё)

Удзельнік культавай беларускай каманды пачатку 00-х Ціхан Золатаў заявіў, што пры канцы існаваньня Divina Enema запісала альбом, але так і ня выдала яго.

Divina Enema зьявілася ў 1998-м і налета была прызнаная дэбютам году ў беларускай музыцы. Па хуткім часе інтарэс да каманды праявілі замежнікі — дыскі гурта прадаваліся па ўсім сьвеце, імі зацікавііся расейскія і канадзкія лэйблы. Гурт сьпяваў па-ангельску, але ў 2004 годзе прадставіў беларускамоўную кампазыцыю «Празь цемру…», якая пратрымалася ў чарце на «Тузіне Гітоў» 10 тыдняў.  Зь сем гадоў таму гурт зьнік з далягляду.

У інтэрвію сайту Metalscript удзельнік каманды Ціхан Золатаў разьвеяў спадзевы на аднаўленьне каманды: «Апошні альбом Divina Enema так і ня выйшаў у сьвет, хоць быў цалкам запісаны. Ня думаю, што ў нашай музыкі былі нейкія пэрспэктывы, надта ўжо мы моцна выбіваліся з фармату, а наўмысна займацца прымітывізмам нам папросту было нецікава». Сам Ціхан граў пасьля гэтага ў Svet Boogie Band, увайшоў у склад гурта HandmadE, а таксама заснаваў сваю каманду Gentle Beat. Вакаліст жа Divina Enema Яраслаў Буракоў пераехаў у Вялікабрытанію.

Tuzin.fm прапануе згадаць кампазыцыю «Празь цемру», якая дагэтуль слухаецца сьвежа і цікава. «У гэтай песьні пяем пра пошукі. Пошукі сэнсу жыцьця», — так прадставілі музыкі ў свой час гэты твор на «Тузіне».

Tuzin.fm