«Ілюжан» рыхтуе дэбютны альбом (аўдыё)
2734 / 0
28.01.2014

«Ілюжан» рыхтуе дэбютны альбом (аўдыё)

Менскі гурт «Ілюжан» рыхтуе да выданьня новы альбом, які можа стаць адным з самых яскравых дэбютаў 2014 году.

«Мы прагнем новага ўзьлёту творчасьці ў нашай краіне, новага росквіту беларускай сучаснай музычнай культуры. Самабытнай і ў той жа час не ізаляванай, зразумелай і высокамастацкай», — гэтак фармулююць сваю задачу музыкі з гурта «Ілюжан». Каманда існуе з восені 2011 году, першы сольны канцэрт дала ў верасьні 2013-га на пляцоўцы рок-бару «Крылы», а цяпер рыхтуе да выданьня дэбютны альбом. Пераважная частка песень — на беларускай мове аўтарства вакалісткі Каці Аліхвер. Запіс з гэтага канцэрту даступны для праслухоўваньня на сайце гурта.

Пра сваю творчасьць удзельнікі гурта кажуць так: «Мы кіруемся на лепшае, дбаючы пра тое, што лепшае заўжды тое, што на душы. Нас натхняе ня толькі майстэрства сучасных замежных зорак і прызнаных мясцовых талентаў, але і клясыка розных пэрыядаў, сьпевы нашых старэйшых пакаленьняў, гаворка аднавяскоўцаў, мэлёдыка родных прастораў і пульс нашага Менску».

Цяпер каманда досыць актыўна выступае па менскіх клюбах. Найбліжэйшыя выступы — 28 студзеня ў «Графіці» і 9 лютага ў TNT.

Пакуль гурт мае ў студыйнай якасьці адну песьню «Вакно».

Tuzin.fm