
Новы альбом Вольскага выйдзе на Дзень Волі
Рэліз будзе мець назву «Грамадазнаўства» і прадстаўляецца як самы бескампрамісны альбом музыкі.
Песьні для сольнага альбому ў Лявона Вольскага пісаліся доўга. Некалькі разоў пачыналася праца над матэрыялам з рознымі музыкамі, але канцэпцыя не высьпявала. Урэшце, новыя кампазыцыі сабраліся ў праграму, якая атрымала назву «Грамадазнаўства». Запіс адбываўся ў Вільні, на студыі Ymir Audio. Цікава, што саўнпрадусарам альбому стаў нарвэскі музыка Снорэ Бэргэруд (ён таксама запісаў гітары, бас ды сааранжаваў кампазыцыі). Бубны таксама запісваў музыка з Нарвэгіі Сіндрэ.
Выглядае, што ў тэматычным пляне гэта будзе сапраўды бескампрамісны альбом. Лявон у інтэрвію Алегу Гарусу, былому гітарысту гурта «Крамбамбуля», заявіў на гэты конт: «Я думаю, што скончыўся час кампрамісаў. Час гандлю, прыманьня ўмоваў гульні, унутранага цэнзара і лавіраваньня. Прынамсі, для мяне. Я не чакаю ад дзяржавы нічога — ніякай маральнай ці матэрыяльнай дапамогі, дазволу канцэртнай дзейнасьці, тым болей, крый Божа, званьняў і ўзнагародаў. Сышоў час эзопавай мовы, схаваных сэнсаў і чытаньня паміж радкамі. Хацелася выказацца проста і ясна».
Рэліз альбому адбудзецца 25 сакавіка на лэйбле «Пяршак».
Tuzin.fm
ну дык лепей навіну і прыдумаць нельга было!
нарэшце лявон скажа сваё слова без вэлюмавання, як мае быць. да таго ж на дзень волі.
дарэчы, да пытання параўнання ляпісаў і лявона: лепей "грамадазнаўства" на 25 сакавіка, чым "рабкор" на 1 траўня
КАМЕНТАВАЦЬ