Алесю Дзянісаву — 39! (відэа)
Лідэр, вакаліст, аўтар песень гуртоў «КальЯн», «Людзі на балоце» і Dzieciuki 26 сакавіка адзначае 39-годзьдзе.
Алесь Дзянісаў — адзін з тых, хто стаяў ля вытокаў нацыянальнага панк-руху, музыкант, рок-паэт. Нарадзіўся 26 сакавіка 1975 году ў Горадні. Скончыў школу-ліцэй № 1 (1992), факультэт гісторыі і сацыялёгіі Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (1997). З 1997 да 2007 працаваў настаўнікам гісторыі і грамадзкіх навук, клясным кіраўніком у сярэдняй школе № 15. Звольніўся на ўласнае жаданьне. Цяпер займаецца журналістыкай і музыкай.
Музычную кар’еру пачаў у 1993 годзе. Граў на гітары ў гурце «Гематаген» (1993—1994). У 1996 годзе разам са Зьмітром Антаневічам заснаваў гурт «КальЯн», які працуе ў стылістыцы «фольк-панку». За час свайго існаваньня гурт запісаў восем альбомаў. Першы электрычны альбом «У краіне цудаў» (1997) быў выдадзены ў спліце з гуртам Deviation у Польшчы. У 1998 годзе «КальЯн» узяў Гран-пры на фэстывалі «Басовішча». У 2008 годзе, зноў жа ў Польшчы, зьнятыя кліпы на песьні «Барацьба» і «Радыеактыўны сьнег». У 2011 годзе песьня «Радыеактыўны сьнег» была прызнана галоўным беларускім антыядзерным гітом. Апошні па часе дыск мае назву «Антыпазытыў» (2011). У 2011 годзе Алесь Дзянісаў заснаваў новы музычны праект «Людзі на балоце». У 2012 годзе стаў адным з заснавальнікаў і ўдзельнікаў панк-рок-фармацыі Dzieciuki. Удзельнічаў у супольным музычным праекце «Апошні золак» (2013—2014). Жанаты, мае дачку.
Tuzin.fm віншуе выдатнага чалавека і музыку з днём народзінаў.
Tuzin.fm
Міні-фільм пра Алеся Дзянісава з цыклю «Белы сьпіс Свабоды» сумеснага праекту Радыё Свабода і Tuzin.fm (аўтары Сяргей Будкін, Алесь Матафонаў)
КАМЕНТАВАЦЬ