Пінхас Цынман: «Хачу падрыхтаваць беларусаў да сустрэчы з хасідамі» (аўдыё)
2606 / 1
16.06.2015

Пінхас Цынман: «Хачу падрыхтаваць беларусаў да сустрэчы з хасідамі» (аўдыё)

Выканаўца пазытыўнай габрэйскай музыкі прадставіў свой першы беларускамоўны трэк у стылістыцы «хасідзкага року».

Свой музычны праект Пінхас Цынман заснаваў з восем гадоў таму, калі паехаў вучыцца ў габрэйскую духоўную сэмінарыю ў Амэрыку. Тады зьявіліся першыя песьні і ўласна галоўная ідэя. «Мне захацелася зьяднаць сьвецкі і рэлігійны пачаткі з дапамогай маёй улюбёнай музыкі. Фішка яшчэ была ў тым, што такога паняцьця, як хасідзкі рок ці рэгі не існавала, і мае сябры натхнілі мяне на больш сур’ёзную дзейнасьць у гэтым кірунку», — распавёў Tuzin.fm Пінхас. У яго ўжо ёсьць складанка абраных песень пад назвай «Мой Иерусалим», рыхтуецца матэрыял для паўнавартаснага дэбютнага альбому, адзін з сынглаў «Гут» трапіў ужо ў этэр Радыё АНТ. Сьпявак пакуль выступае разам з праектам Аляксандра Памідорава «Пьяные гости», а неўзабаве будзе даваць сольныя канцэрты.

Дзякуючы дапамозе Памідорава і Аляксандра Хаўкіна паўстала першая беларускамоўная песьня Цынмана, якую ён прэзэнтуе наведнікам Tuzin.fm. «У сувязі з адменай візавага рэжыму з Ізраілем, рыхтую беларускую грамаду да сустрэчы з хасідамі, бо шмат хто зь іх захоча наведаць месцы, адкуль паходзяць іх продкі. Сваёй песьняй я хачу паказаць, што хасіды нам не такія і чужыя, што яны такія ж гасьцінныя, як і беларусы, любяць пасьпяваць, патанчыць і шчыра запрашаюць да свайго стала», — апавядае аўтар.

Цяпер разам з Памідоравым Цынман рыхтуе яшчэ адну песьню па-беларуску, якая будзе звацца «Добра». Сачыць за навінамі выканаўцы можна празь яго афіцыйную суполку.

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ: