25-е «Басовішча» пройдзе бяз конкурсу
6330 / 0
23.05.2014

25-е «Басовішча» пройдзе бяз конкурсу

Арганізатары фэстывалю вырашылі не праводзіць сёлета конкурс маладых выканаўцаў.

Сёлетняе «Басовішча» пройдзе па традыцыі ў тым жа месцы і ў той жа час. 25-ы па ліку фэст адбудзецца 18 і 19 ліпеня ў Гарадку. Зноў жа — па традыцыі апошніх гадоў, інфармацыі пра яго вобмаль. Пакуль афіцыйна не абвешчаны ніводны ўдзельнік, няма зьвестак наконт візавай падтрымкі для гледачоў зь Беларусі. Арганізатары зь Villa Sokrates і Беларускага аб’яднаньня студэнтаў у Польшчы кажуць, што працуюць над гэтым пытаньнем, але выніку пакуль няма. Фэсту яўна бракуе фінансаваньня. Сёлета нават зладжаны збор сродкаў на польскай краўдфандынгавай плятформе.

Дакладна вядома, што конкурсу маладых выканаўцаў сёлета ня будзе. Прадстаўнік фэсту Ганна Пякарская афіцыйна пацьвердзіла на днях гэтую інфармацыю. Стаўка зробяць на выступ вядомых гуртоў зь Беларусі, Украіны і Польшчы. Лайн-ап агучаць у чэрвені.

Навіны фэсту абяцаецца паведамляць праз старонку ў Facebook.

Tuzin.fm