«ВіскіДжэм»: «Трэш-блюз - калі добраму чалавеку дрэнна, але сёньня гэта скончыцца» (прэм’ера)
2367 / 0
22.01.2016

«ВіскіДжэм»: «Трэш-блюз - калі добраму чалавеку дрэнна, але сёньня гэта скончыцца» (прэм’ера)

Гурт «ВіскіДжэм», ён жа WhiskeyJamBand, рыхтуе дэбютны альбом трэш-блюзу на беларускай мове.

Музыкі зь «ВіскіДжэм» называюць сябе заўзятымі аматарамі віскі, старэнькіх хот-родаў ды паўднёваамэрыканскага акцэнту. У складзе гурта два музыкі — Павал Бялінскі (бубны, голас) і Сяргей Драсьвянскі (слайд-гітара, гукавыя эфэкты). Нядаўна гурт выдаў дэма-EP «Kind of Garage», куды ўвайшлі аўтарскія рэчы і кавэры на беларускай ды ангельскіх мовах. «Мы граем трэш-блюз, — кажа Павал Бялінскі. — Чаму так? Таму што блюз — гэта калi добраму чалавеку дрэнна, а трэш-блюз — калi яму дрэнна, але сёньня ўвечары гэта скончыцца».

«ВіскіДжэм» існуюць трохі больш за год і цяпер працуюць над дэбютным альбомам, але ўжо могуць пахваліцца пэўнымі дасягненьнямі. Летась яны атрымалі ўзнагароду на фэсьце «Рок-Мота Пікнік», што праходзіў у Асіповічах, а нядаўна адна зь іх беларускамоўных кампазыцыяў «Самае каштоўнае» прагучала ў этэры радыё ў Г’юстане. Музыкі зь Беларусі таксама актыўна прасоўваюцца на сайце Reverbnation, дзе ўвайшлі ў рэйтынг ста блюзавых калектываў.

На канале Tuzin.fm на Soundcloud.com гурт прадставіў беларускамоўныя песьні з EP «Kind of Garage», а таксама трэш-блюзавы кавэр на «Personal Jesus» Depeche Mode. Сачыць за навінамі гурта можна праз афіцыйныя суполкі: VK/FB/IN/TW/BC

Tuzin.fm, фота Максіма Піліпейкі