Bristol перасьпяваў Haire Peace Salon i Лану Дэль Рэй па-беларуску (аўдыё)
У дэбютны сынгл новага гурта ўвайшлі чатыры беларускамоўныя песьні, у тым ліку перасьпевы Ланы Дэль Рэй і Hair Peace Salon.
Менавіта з Hair Peace Salon пачынаў лідэр Bristol Алег Вяль. Сёлета ён абвесьціў пра сыход з сваёй асноўнай каманды і заснаваў сольны праект, прадставіўшы ў чарце на Tuzin.fm дэбютны трэк «Гэта магчыма». Творчасьць Bristol — пакуль выключна беларускамоўная, хоць музыка кажа, што не выракаецца ангельскай.
У сынгл «Цырульня сьвету» акром «Гэта магчыма» ўвайшла новая аўтарская кампазыцыя «Неба абраз», перасьпеў «Out of Time» Hair Peace Salon, якая атрымала назву «Па-за часам», а таксама галоўная нечаканасьць — трэк «Відэагульні», свая інтэрпрэтацыя кампазыцыі амэрыканскай сьпявачкі Ланы Дэль Рэй «Video Games». Сам Алег у час прэзэнтацыі альбому на «Эўрарадыё» зазначыў, што яму карцела нешта зьмяніць у сваёй творчай працы: «Я падумаў, што музыку наўрад ці атрымаецца памяняць, а вось мовай можна неяк усё гэта абыграць. І мне падаецца, што атрымалася. Ва ўсялякім выпадку, я задаволены тым, як гучаць на беларускай мове гэтыя трэкі».
Запісваўся сынгл на студыі Everest у Паўла Сінілы, пераможцы ў намінацыі «Запіс году» на прэміі Rock-Profi за працу над альбомам «Адпусьці» гурта BosaeSonca.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ