R.I.P. Памёр музыка і паэт Вова Банкер (1973—2015)
19 красавіка на 42 годзе памёр Уладзімер Банько, у музычных колах вядомы як Вова Банкер, у паэтычных як Ярыла Пшанічны.
Уладзімер памёр абсалютна раптоўна — на выходныя паехаў зь Менску ў пасёлак Нарач, каб наведаць магілы дзядулі і бабулі. Папярэдняя прычына сьмерці — адарваўся тромб, паведамілі парталу Tuzin.fm сябры памерлага. «Я проста ў шоку, так рана сысьці… Вову я ведаў з часоў гурта „Барадаты Грынвіч“, запрашаў яго на фэст „Сіні Перац“, з тых часінаў пранікліся адзін да аднаго, апошнія гады выступалі разам. Не магу паверыць, што яго няма з намі», — кажа лідэр гурта «Князь Мышкін» Леанід Нарушэвіч. «Пахаваньне пройдзе 21 красавіка ў 14:00 там на Нарачы, дзе ляжаць яго продкі. Вова, будзь спакойным. Мы любім цябе», — зазначае Дзьмітры Ладзес.
Уладзімер Банько нарадзіўся 1 лістапада 1973 году ў Менску. Музыка, мастак, паэт, пэрформэр. Вядомы пад псэўданімам Вова Банкер і Ярыла Пшанічны. У 90-х браў актыўны ўдзел у анархісцкім руху. Выступаў у складзе экспрымэнтальных музычных праектаў Karaoke Vomit, Roomdark, «Барадаты Грынвіч», «Князь Мышкін». Выдаў кнігу вершаў на трасянцы «Пішчавыя лішкі» (2011). Апошнія рэлізы Банкера — Roomdark — Frothiness і Golova & Roomdark — Snow.
Tuzin.fm выказвае спачуваньні родным і блізкім гэтага таленавітага і цудоўнага чалавека.
Tuzin.fm, фота Max Velvetov
КАМЕНТАВАЦЬ