Akute: «На расейскую не пераклаліся б» (фан-відэа)
Гурт Akute не зьбіраецца перакладаць свае песьні дзеля прасоўваньня на расейскі рынак. Пра гэта Tuzin.fm заявіў удзельнік каманды Раман Жыгараў.
Размовы наконт таго, каб перакласьці некалькі песень зь беларускай на расейскую зьявіліся ў сувязі з чарговым канцэртам магілёўскага гурта ў Маскве. Akute сёлета прадставіў свой кліп «Бегчы» на аўтарытэтным расейскім інтэрнэт-сайце Colta.ru, дзе быў названы «найлепшым новым рок-гуртом, які сьпявае па-беларуску». У каманды сапраўды зьяўляюцца прыхільнікі ў Расеі, якія пішуць пра вартую ўвагі «беларускамоўную сумесь „Агаты Кристи“ і „Сплина“». У траўні музыкі прыяжджалі з канцэртам у маскоўскі клюб China Town Cafe. Тады і зьявіліся чуткі, што Akute могуць запісаць колькі песень па-расейску. «Прапановы аб перакладзе на расейскую сыходзілі не ад нас, — сказаў Tuzin.fm Раман Жыгараў. — На такі крок мы бы не пайшлі. Сьпяваць па-беларуску — наш асэнсаваны выбар».
Дарэчы, 7 чэрвеня ў маскоўскім Парку Горкага пасьпяхова выступіў іншы беларускі гурт — Nizkiz. Відавочцы кажуць, што найбольш цёпла публіка прымала іх беларускамоўныя творы.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ