Gods Tower: «Мы ня хочам вяртаньня ў сярэднявечча» (новы кліп!)
Знакаміты беларускі мэтал-гурт прэзэнтаваў кліп на cваю новую песьню «Liar» па матывах трагедыі Джардана Бруна, каб выказаць сваё стаўленьне да цяперашніх падзеяў у Беларусі і сьвеце.
Вакаліст Gods Tower Лэсьлі Найф лічыць кліп надзвычай злабадзённым і актуальным. «Наш ролік распавядае пра тое, што неабходна ўглядацца ва ўласнае мінулае, але рабіць гэта зь вялікай асьцярожнасьцю, бо можна зблытаць цемрашальства з ідэалізмам, а адраджэньне з сном розуму. Акурат такую блытаніну мы назіраем цяпер паўсюдна — людзі шукаюць ідэалы ў мінулым, а выцягваюць з сна розуму сапраўдных пачвараў», — заявіў музыка парталу Tuzin.fm з нагоды прэм’еры. Песьня «Liar» была напісаная па матывах трагедыі Джардана Бруна. Лэсьлі ўжо адзначаў раней, што ў вобразе спаленага на вогнішчы сярэднявечнага мысьляра ўвасабляюцца апанэнты цяперашняй беларускай улады. Прэм’еру ў сваёй афіцыйнай суполцы гурт Gods Tower суправадзіў заклікам: «Мы ня хочам, каб зноў на вогнішчы палілі людзей, мы ня хочам вяртаньня ў сярэднявечча. Нам патрэбная свабода і свабодныя людзі. Нам неабходнае свабоднае неба!»
Сюжэт кліпу прыдумаў мэнэджар гурту Віктар Лапіцкі, а зьняў апэратар і рэжысэр Яўген Адаменка. Жывая прэм’ера песьні «Liar» заплянаваная на Дзень Волі 25 сакавіка на вялікім сольным канцэрце гурту ў Менску.
Яшчэ: Лэсьлі Найф: «Праўда ў тым, што беларусаў як нацыі няма»
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ