Tanin Jazz рыхтуе беларускамоўны альбом (аўдыё)
Вакалістка каманды Тацяна Гарошка кажа, што новы рэліз пад назвай «Адліга» будзе цалкам танцавальным.
Упершыню Tanin Jazz паэкспэрымэнтаваў зь беларускай мовай у межах праекту «Тузін.Перазагрузка» ў 2009 годзе. З таго часу, Тацяна Гарошка неаднойчы выказвала жаданьне працягнуць беларускую лінію ў сваёй творчасьці, прычым менавіта ў танцавальным рэчышчы. Урэшце сёлета ўсё сыйшлося. Сьпявачка пазнаёмілася з аўтаркай тэкстаў Надзеяй Падрэз ды новымі музыкамі — бубначом Аляксеем Максімавым і гітарыстам Аляксеем Англінскім. Разам яны працуюць над беларускамоўным танцавальным альбомам. «Я даўно не атрымлівала такога задавальнення ад сваёй творчасці. Мяне рэальна прэ! Песьні на новым альбоме будуць пра жанчыну, якая жыве ў горадзе, самастойнага чалавека, сталую асобу, якая адкрыта кажа тое, што адчувае, без усялякіх комплексаў і сарамлівасьці», — цытуе словы сьпявачкі «Эўрарадыё».
Альбом мае працоўную назву «Адліга» і будзе складацца з 12 кампазыцыяў. Некаторыя зь іх упершыню Tanin Jazz абяцае паказаць падчас свайго сэту на фэстывалі беларускамоўнай рэклямы AD.NAK!, які пройдзе 25 чэрвеня.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ