2171 / 0
19.06.2014

Прададзеная за 23 мільёны складанка «J:морс» выкладзеная ў сеціва (аўдыё)

Выкладзеная ў вольны доступ складанка рарытэтных і нявыдадзеных запісаў гурта «J:морс» «Фотаздымкі 2003—2014», дыск зь якой у межах дабрачыннага інтэрнэт-аўкцыёну быў прададзены за рэкордныя 23 525 000 рублёў.

Папярэдні рэкорд належаў плытцы «Песьняроў» — «Зачараваная мая» (1982), прададзенай на дабрачынным аукцыёне ў 2008 годзе за 1333 даляры ЗША ў эквіваленце. «Фотаздымкі 2003—2014» набылі за 2313 даляраў. Пераможцам цяперашняга аўкцыёну і ўладальнікам адзінага дыска «Фотаздымкі 2003—2014» стаў Сяргей Ждановіч, прадстаўнік кампаніі Digital Gravitation, якая займаецца распрацоўкай мабільных дадаткаў.

Маці хворага хлопчыка Аляксандра Сафонава дзякуе гурту «J:морс» і ўсім, хто адгукнуўся на гэтую акцыю. Акрамя лекаў і харчаваньня Стас цяпер зможа прайсьці раней недасяжны праз высокі кошт курс дэльфінатэрапіі.

Згодна з умовамі таргоў менавіта ад пераможцы залежыла, ці пачуе запісы нехта акрамя яго самаго і сяброў. Сяргей Ждановіч упэўнены, што «творчасьць ня можа існаваць без людзей, якія яе слухаюць і шануюць», таму ён дазволіў выкласьці складанку «Фотаздымкі 2003—2014» у вольны доступ. На ёй можна пачуць сярод іншага рарытэтную песню «Піва», неапублікаваную дагэтуль «Фотаздымкі», «Адлігу» ў іншай вэрсіі ды іншыя рарытэты з архіву гурта.

Tuzin.fm

Тэгi: