Naka: «Дайце волі, курвы, дайце!» (аўдыёпрэм’ера)
Гурт Naka прадставіў новы сынгл «Muza», куды ўвайшлі тры новыя песьні.
Загалоўны трэк напісаны на словы Алеся Плоткі, які таксама стаў аўтарам вокладкі да сынглу створанай на аснове фота Юліі Мацкевіч. Вакалістка гурта Наста Шпакоўская іранічна называе «Музу» — «беларускай песьняй пра Сочы». Яна неаднойчы ўжо выконвалася ўжывую і небеларуская аўдыторыя ўспрыняла яе як прысьвячэньне Сочы праз сугучнасьць назвы расейскага гораду зь беларускім дзеясловам «сачы!».
Цікава, што песьню на гэты ж тэкст выканаў таксама гомельскі выканаўца Bigi. Яго «Муза» ў гэтым сэзоне брала ўдзел у чарце на Tuzin.fm. «У кожнага творцы здараецца тэкст, які яго перасьледуе ўсё жыццё ў розных варыяцыях. Я чытаў яго вершамі з Бубнам, яго сьпяваў Бігі, цяпер Наста зрабіла свой адказ — такая фірмовая Шпакоўская, для мяне, між тым, даволі нечаканая. Гэта музыка будзе вечнай, пакуль на сьвеце ёсьць віскі ды эмоцыі паміж людзьмі», — заявіў у камэнтары для Tuzin.fm Алесь Плотка.
Тым часам, Naka выпраўляецца ў Расею, дзе выступіць на галоўных сцэнах двух буйных фэстаў — «Старый новый рок» (20 чэрвеня) і «Окна открой — 2014» (29 чэрвеня).
Усе песьні з сынглу «Muza» можна спампаваць з афіцыйнага сайту каманды.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ