
Нечаканая «Вясна» ад Кацярыны Ваданосавай (прэм’ера)
Гурт Fantasy Orchestra прэзэнтуе на TuzinFM самотнік «Вясна», у якім адыходзіць ад міталягічнай ды гістарычнай тэматыкі ды крыху нечакана раскрываецца з музычнага боку.
У той час, калі каляндарная вясна нарэшце стала супадаць зь вясной рэальнай, Кацярына Ваданосава і яе гурт «Fantasy Orchestra» прэзэнтуюць свой жыцьцесьцьвярджальны самотнік. «Вясна — час абнаўленьня, час зьменаў, час быць шчасьлівымі, не зважаючы ні на якія перашкоды. Час выходзіць з дамоў і сустракацца з сапраўдным жыцьцём! Час быць сапраўднымі, узьнёслымі, сьмелымі ды гераічнымі! Час квітнець, час сьпяваць, час рабіць сьвет прыгажэйшым!» — з такімі думкамі музыкі запісвалі твор.
Кацярына з калегамі адыходзяць у «Вясьне» ад характэрных для іх міталягічнай ды гістарычнай тэмы, а таксама ад залішняга музычнага патасу. Досыць неўласьціва гучыць кампазыцыя і ў музычным пляне. Хаця Каця з гэтым не да канца пагаджаецца: «Так, мы захацелі зьвярнуць увагу на сёньняшні дзень ды стварыць пазытыўны твор. Але разам з тым песьня ня надта выбіваецца з той плыні, якую гурт акрэсьлівае як „фэнтэзі-рок“ і якую лічыць найбольш блізкім для сябе музычным кірункам».
Цяпер гурт актыўна працуе над будучым альбомам, рыхтуецца да ўдзелу ў шэрагу летніх фэстываляў. Музыкі таксама ўдзельнічаюць у праекце «(Не)расстраляная паэзія».
Песьня «Вясьна» возьме ўдзел у 12-м туры аўдыёчарту на TuzinFM.
Кацярына Ваданосава і Fantasy Orchestra — Вясна (музыка і словы Кацярыны Ваданосавай). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
TuzinFM
Аднойчы на досьвітку, ціхай парой
Па вуліцах, плошчах, садах
Яна пройдзе маршавай цьвёрдай хадой,
І горад абудзіць яна.
Яна не дазволіць нам спаць і сядзець,
Раптоўна ўвесь сьвет скалыхне,
І вуліцы зьдзіўлена будуць глядзець
На лёгкую постаць яе.
Бо гэта вясна, яе не стрымаць
І не падзецца нідзе
Ад сонечных промняў, ад тлуму і мар,
і сэнтымэнтальных надзей.
Бо гэта вясна, яе не спыніць,
Ёй трэба паўсюды пасьпець.
І хочацца верыць, і хочацца жыць,
І сонцу насустрач ляцець.
І людзям надоўга спакою няма —
Без сну ад відна да відна.
А як жа іначай? Іначай ніяк,
Бо гэта, вядома, вясна.
І як і раней, у статысячны раз
Яна прайграе ізноў
І марш навальніц, і сонечны вальс,
І «Марсэльезу» дажджоў.
Бо гэта вясна, яе не стрымаць
І не падзецца нідзе
Ад сонечных промняў, ад тлуму і мар,
і сэнтымэнтальных надзей.
Бо гэта вясна, яе не спыніць,
Ёй трэба паўсюды пасьпець.
І хочацца верыць, і хочацца жыць,
І сонцу насустрач ляцець.
КАМЕНТАВАЦЬ